Тыдзень беларускай мовы і літаратуры

  • Автор записи:
  • Комментарии к записи:0 комментариев

З 22 красавіка па 27 красавіка 2019 года ў нашай школе праходзіў  тыдзень беларускай мовы і літаратуры “З любоўю да роднага слова”. Мэта правядзення прадметнага тыдня — фарміраванне станоўчай матывацыі да вывучэння роднай мовы, літаратуры і гісторыі свайго краю; стварэнне ўмоў для таго, каб навучэнцы маглі праявіць сябе, выпрабаваць уласныя сілы ў разнастайных творчых і інтэлектуальных мерапрыемствах, прадэманстраваць свае дасягненні ў згаданых прадметах.

Пазнаёміцца з планам правядзення тыдня вучні, настаўнікі, бацькі і госці нашай установы маглі ў фае першага паверха і на сайце школы. Арганізацыяй і правядзеннем мерапрыемстваў у рамках тыдня займаліся настаўнікі беларускай мовы і літаратуры Хвясюк Святлана Валер’еўна і Дзядзюн Наталля Аляксееўна. Свае творчыя здольнасці, крэатыўнасць вучні 5-11 класаў дэманстравалі на працягу тыдня, ствараючы калажы на тэму “Фразеалогія ў малюнках”, малюючы ілюстрацыі да твораў беларускіх пісьменнікаў і да беларускіх народных казак, афармляючы фотагазеты “Прыроды чысты храм”, прысвечаныя прыродзе Пружаншчыны.

Цікавыя былі падабраны вучнямі і выказванні пра родную мову, якія выкарыстоўваліся ў якасці эпітэтаў да разнастайных мерапрыемстваў, што праводзіліся на працягу тыдня.

Вялікую актыўнасць праявілі вучні пры правядзенні мерапрыемстваў, дэманструючы свае веды па беларускай мове і літаратуры, па гісторыі і краязнаўству. Пераможцы ўзнагароджваліся сертыфікатамі ўдзельнікаў. Інтэрактыўная гульня “Свая гульня” для вучняў 10-га класа.

Інтэрактыўная гульня “Марскі бой” (на хвалях літаратуры) для вучняў 8-х класаў.

Ладзіліся для вучняў і забаўляльныя перапынкі. Вучням дэманстраваліся відэаролікі з рэкламай беларускай мовы, паказваліся ўрыўкі мастацкіх фільмаў, перакладзеныя на беларускую мову.

Паказвалася казка-прэзентацыя, зробленая з выцінанкі “Казка пра мужыка-вандроўніка з Беларусі”. Праводзіліся музычныя перапынкі, на якіх вучні з задавальненнем спявалі караоке па-беларуску.

Для вучняў 5-7 класаў было арганізавана “Краязнаўчае падарожжа па Беларусі” (квэст-гульня).

Дэманстравалі сваю эрудыцыю вучні 7-х класаў у турніры-віктарыне “Любі роднае слова”.

А гэта ўдзельнікі гульні “Хто хоча стаць выдатнікам?” і “Самы разумны”.

А суботні дзень вучні 5-га, 8-х і 10-га класаў прысвяцілі знаёмству з малай радзімай. Пяцікласнікі дэманстравалі сваю эрудыцыю на занятках гуртка, а старэйшыя вучні накіраваліся на экскурсію ў вёску Лыскава, дзе наведалі  гарадзішча перыяду Сярэднявечча, касцёл Святой Тройцы, магілу Францішка Карпінскага, брацкую магілу воінаў Вялікай Айчыннай вайны.

Добавить комментарий