20 сакавіка — 65 год з дня нараджэння паэта Міколы Мятліцкага

Дзяжурны па планеце Мікола Мятліцкі

20 сакавіка 1954 года ў звычайнай палескай вёсцы Бабчын, што ў Хойніцкім раёне, з’явіўся на свет будучы паэт Мікола Мятліцкі. Сёлета яму спаўняецца 65 гадоў. За гэты час ён выпусціў дзясяткі зборнікаў вершаў, яго творы перакладзены на іншыя мовы свету. М. Мятліцкі і сам выступаў з перакладамі: у 2011 годзе выдаў кнігу перакладаў «Лучнасць», а ў 2012 годзе – кнігу «Пад крыламі дракона» (прэмія «За духоўнае адраджэнне»), дзе змешчаны пераклады на беларускую мову твораў 100 кітайскіх паэтаў з IV стагоддзя да н. э. па XX стагоддзе.

Наступствы аварыі на Чарнобыльскай АЭС – экалагічнай і духоўнай катастрофы канца ХХ стагоддзя – дагэтуль перажывае наша грамадства. Адным з першых, хто адкрыта пачаў даводзіць свету праблемы Бацькаўшчыны, быў Мікола Мятліцкі, які сам адчуў, што такое перажыць страту малой радзімы: вёска Бабчын апынулася ў зоне адсялення.

Родныя мясціны, якія напаткала бяда, сталі цэнтральным вобразам паэзіі М. Мятліцкага. У такіх зборніках, як «Горкі вырай», «Бабчын: Кніга жыцця», «Хойніцкі сшытак», «Замкнёны дом» і інш. паказваецца асірацелая зямля, дзе не стала хат, студняў, няма людзей. У вершах «Матчына хата», «Я прыходжу на спатканні з тымі…», «Кут мой забыты, безабаронна…», «Выгнанне», «Пудка шапоча на ветры аер», «Стаяць бярозы ў мёртвай зоне» адлюстраваны боль і перажыванні чалавека, які імкнецца асэнсаваць катастрофу страты жыццёвага апірышча – роднага дому.

У паэтычным свеце М. Мятліцкага шмат увагі надаецца памяці, што мусіць данесці да нашчадкаў звесткі пра тое жыццё, якое тут некалі было. У вершы «Бібліятэка» паказваецца апусцелая вясковая бібліятэка, дзе толькі вецер гартае падшыўкі газет, але паэт заўважае, як адтуль выходзяць два незаўважныя колішнія чытачы – Маланкавіч і Буквар:

Ані слядка на расе. 

Удаль павядзе іх вечар. 

Старонкі прачытаны – 

Ўсе! – 

Трагедыі чалавечай. («Бібліятэка»).

Рэчы застаюцца нямымі сведкамі тых падзей, якія прывялі да фізічнага і духоўнага спусташэння.

На малой радзіме лірычны герой М. Мятліцкага адчувае сябе ўтульна і спакойна, тут прыходзіць натхненне:

Колькі вершаў тут мною знойдзена

Ў меднай зацішы лясной

І сцяжын надрэчных пройдзена

Тут часінаю грыбной! («Колькі вершаў тут мною знойдзена…»).

Трэба адзначыць, што, нягледзячы на жудасць асірацелай зямлі, у паэта няма адчування апакаліпсісу, адчаю. У аснове светаадчування лірычнага героя ляжыць актыўная пазіцыя мужнага свабоднага чалавека, які павінен адказваць за свае ўчынкі, бо калі згінем мы – згіне ўсё. Паэт заклікае берагчы ўсё жывое, бо як радыяцыя робіць жанчыну бясплоднай, так бясплоднай робіцца і зямля:

Зямля мая забылася пра жыта.

Не пружыстая хваля збажыны

Гадзінай шараю калыша сны –

Ў палын-гарчак туга яе павіта.

Вядзе Зямлю высокая арбіта.

У рострубе касмічнай гаманы

Хто ўчуе нас? Ў сусвеце мы – адны.

Ўчынілі змоўчна зло і – шыта-крыта.

Глядзіць мірганнем зор сусвет халодны,

Бы ведае: наступіць час бясплодны

І згіне жыццядайная Зямля,

На промнях радыяцыі бязвінна

Згібее, як самотная жанчына,

Што нарадзіць не здатна немаўля («Зямля мая забылася пра жыта…»).

Шмат увагі надаецца М. Мятліцкім ролі паэта ў жыцці грамадства:

Паэт – дзяжурны па планеце,

Ён сочыць з раніцы самой,

Якое зноў надвор’е ў свеце,

Ці не запахла дзе вайной («Паэт – дзяжурны па планеце…»).

Для яго няма чужога болю, чужых дзяцей, чужых маці, чужых праблем, чужых людзей:

Усё ў паэта на прыкмеце,

За ўсіх душой хварэе ён.

Паэт – дзяжурны па планеце,

І застанецца ім спакон («Паэт – дзяжурны па планеце…»).

Асобае месца ў паэзіі М. Мятліцкага займаюць філасофскія творы з адвечнымі пытаннямі: «Хто я ў гэтым свеце?», «Якое месца займаю ў Сусвеце?». Адказам на гэтыя пытанні прысвечана лірыка-публіцыстычная паэма «Неба»:

 Хто я? – Вечны сузіральнік

Недасяжнай небнай шыры.

Нада мною, як пытальнік,

Млечны Шлях…

I зор пункціры.

Творчасць Міколы Мятліцкага  – гэта адна з найцікавейшых і квяцістых старонак беларускай літаратуры ХХ–ХХІ стст. Гэта паэт, які паказаў, што чалавек здольны пераадолець розныя цяжкасці і супрацьстаяць паслячарнобыльскаму свету, здольны любіць жыццё:

Дождж праліўся зыркі метэорны –

І ступіў ты чынна на зямлю,

Каб віхор пранесці думак зорны,

Каб сказаць душой: жыццё люблю! («Высветлена неба – месяц поўны…»).

Добавить комментарий