20 сакавіка — 65 год з дня нараджэння паэта Міколы Мятліцкага
Дзяжурны па планеце Мікола Мятліцкі
20 сакавіка 1954 года ў звычайнай палескай вёсцы Бабчын, што ў Хойніцкім раёне, з’явіўся на свет будучы паэт Мікола Мятліцкі. Сёлета яму спаўняецца 65 гадоў. За гэты час ён выпусціў дзясяткі зборнікаў вершаў, яго творы перакладзены на іншыя мовы свету. М. Мятліцкі і сам выступаў з перакладамі: у 2011 годзе выдаў кнігу перакладаў «Лучнасць», а ў 2012 годзе – кнігу «Пад крыламі дракона» (прэмія «За духоўнае адраджэнне»), дзе змешчаны пераклады на беларускую мову твораў 100 кітайскіх паэтаў з IV стагоддзя да н. э. па XX стагоддзе.
Наступствы аварыі на Чарнобыльскай АЭС – экалагічнай і духоўнай катастрофы канца ХХ стагоддзя – дагэтуль перажывае наша грамадства. Адным з першых, хто адкрыта пачаў даводзіць свету праблемы Бацькаўшчыны, быў Мікола Мятліцкі, які сам адчуў, што такое перажыць страту малой радзімы: вёска Бабчын апынулася ў зоне адсялення.
Родныя мясціны, якія напаткала бяда, сталі цэнтральным вобразам паэзіі М. Мятліцкага. У такіх зборніках, як «Горкі вырай», «Бабчын: Кніга жыцця», «Хойніцкі сшытак», «Замкнёны дом» і інш. паказваецца асірацелая зямля, дзе не стала хат, студняў, няма людзей. У вершах «Матчына хата», «Я прыходжу на спатканні з тымі…», «Кут мой забыты, безабаронна…», «Выгнанне», «Пудка шапоча на ветры аер», «Стаяць бярозы ў мёртвай зоне» адлюстраваны боль і перажыванні чалавека, які імкнецца асэнсаваць катастрофу страты жыццёвага апірышча – роднага дому.