І вось зноў нас паклікала Паперня на турыстычны злёт работнікаў устаноў адукацыі, які сёлета праводзіўся ўжо пятнаццаты раз. Набралася восем каманд — аматараў здаровага і актыўнага ладу жыцця. Каманда СШ №3 з’яўляецца пастаянным удзельнікам гэтага цікавага і захапляльнага мерапрыемства.
Педагогі спаборнічалі і паказвалі сваё майстэрства на паласе каманднага і пешаходнага турызму, арыентаванні на мясцовасці, тэх-ніцы воднага турызму, яздзе на веласіпедзе. Былі праведзены таксама конкурсы візітовак і турыстычнай песні, быту і прыгатавання нацыянальных страў. Вечарам удзельнікаў злёту чакала дыскатэка, дзе ўсе былі адзіным калектывам.
Пры падвядзенні вы-нікаў былі названы пераможцы і прызёры злёту. Трэцяе месца дасталося аб’яднанай зборнай камандзе Слабодскай СШ і Бакунскай СШ. На другім месцы апынуўся навічок гэтых спаборніцтваў — калектыў ДЮСШ №2. Ну, а чэмпіёнам, ужо ў пяты раз запар, стала каманда СШ №3.
Вопыт выступленняў у такіх спаборніцтвах прыходзіць з гадамі, таму прыемна перамагаць і ведаць, што ў калектыве ёсць калегі, на якіх можна разлічваць у цяжкую мінуту, з якімі не страшна ў агонь і ваду.