З 19 па 23 верасня 2022 года ў школе праходзіў Тыдзень роднай мовы “Як ты дорага мне, мая родная мова!” Мэта правядзення тыдня — фарміраванне станоўчай матывацыі да вывучэння роднай мовы, літаратуры і гісторыі свайго краю; стварэнне ўмоў для таго, каб навучэнцы маглі праявіць сябе, выпрабаваць уласныя сілы ў разнастайных творчых і інтэлектуальных мерапрыемствах, прадэманстраваць свае дасягненні ў згаданых прадметах.
Свае творчыя здольнасці, крэатыўнасць вучні 5-11 класаў дэманстравалі на працягу тыдня, прымаючы ўдзел у песенным марафоне “Мова родная – мова модная”, у анлайн-акцыі “Натхнёныя Бацькаўшчынай”, дзе былі прадстаўлены прэзентацыі пра знакамітых беларусаў, падрыхтаваныя навучэнцамі, удзельнічалі ў квэст-гульні “Фальклор, фальклор – душа народа”, дзе паспяхова прадэманстравалі свае веды па вуснай народнай творчасці. З задавальненнем чыталі вершы пра родны край і родную мову, пісалі творчыя работы, у якіх гучалі словы любові да роднага кутка, малявалі ілюстрацыі да твораў беларускіх класікаў Янкі Купалы і Якуба Коласа. Ладзіліся для вучняў і забаўляльныя перапынкі. Вучням дэманстраваліся відэаролікі з беларускімі песнямі і дзеці з задавальненнем спявалі караоке. А вучні 11 класа правялі прэзентацыю работ даследчага характару па беларускай літаратуры.
Вялікую актыўнасць праявілі вучні пры правядзенні мерапрыемстваў, дэманструючы свае веды па беларускай мове і літаратуры, па гісторыі і краязнаўству.